репортаж
Steh
- 21 книга

Ваша оценка
Ваша оценка
Мяне вельмі зацікавіла гэтая кніга не толькі тым, што яна пра 90-ыя, але і тым, што яна пра ўкраінскія 90-ыя. Ці было якое адрозненне паміж іх 90-ымі і нашымі? У 90-х я толькі пайшоў у школу (як і аўтар кнігі, як я зразумеў), таму для мяне гэта цетрыс, дзіснееўскія мульцікі, тамагочы і васьмібітная дэндзі. Але ж у той час было і шмат іншага, пра што і расказваецца ў кнізе.
Перш за ўсё хачу сказаць, што гэта не мастацкі твор. Гэта як быццам вялізарны артыкул журналіста, ў якім ён расказвае пра тое, што адбывалася ў Ужгарадзе у тыя часы. Спачатку Лесь Бэлэй расказвае пра сваё дзяцінства. Пра гумкі з наклейкамі, пра цетрыс, пра кэпсы, пра ркэламу і серыялы па тэліку. І тут для мяне не было нічога новага. Проста ўспаміны, якія не маюць межаў, бо тое ж самае было і ў маім дзяцінстве. А потым ужо Бэлэй піша пра тое, чым жылі студэнты, чаго яны чакалі, пра што марылі. Потым пра грошы і эканамічную сітуацыю - пра купоны, пра тое, як ужгарадцы ганялі ў Венгрыю і Славакію на закупы. Потым пра рэкет і бандытаў, якія псавалі жыццё прадпрымальнікам.
Карацей кажучы, у кнізе сабраная інфармацыя пра тое, чым жылі людзі ў 90-х. Ужгарад сам па сабе цікавы тым, што ён знаходзіцца на самой мяжы са Славакіяй і быў калісьці пад Венгрыяй, таму там глядзелі славацкае і вугорскае тэлебачанне, ездзілі туды каб што прадаць і купіць, а потым перапрадаць на базары Ужгарада. У нас, дарэчы, так ганялі ў Польшу. Чыталася кніга вельмі лёгка, напісана простай мовай.
Плюсы. Цікава было зноў апынуцца ў тыя часы. Успомніць, што елі, хто глядзелі, ва што гулялі. Даведацца, чым жылі больш дарослыя людзі, як бавілі час, якія ладзілі канцэрты, якую музыку слухалі. То бок калі вы таксама любіце панастальгіраваць - кніга вам вельмі спадабаецца.
Мінусы - усё напісана вельі паверхнасна, мне не хапала цікавых унікальных гісторый. Бэлэй нічога не расказвае пра сябе. Можа ў яго ёсць якія гісторыі пра гумкі і мульцікі, можа сябры што цікавае расказвалі... Тут жа усё кароценька пра ўсё. Ну вось жавалі Сцімарал, гулялі ў Марыё. Ну гэта я і сам ведаю=) Таксама ёсць сям-там недакладнасці (напрыклад, папрыгунчык быў не 3 , а 4 см у дыяметры), але гэта дробязі... Ну і вельмі шмат тэкста прысвечаны "каралям Ужгарада і Мукачава", пра якіх я нічога не ведаў.
Калі вы нічога не ведаее пра 90-ыя - даведаецеся з кнігі. Калі вы жылі ў тыя часы - шмат чаго ўспомніце. І не забудзьцеся пра насаўку, каб было чым слёзкі выціраць=) 8/10. Чытаў па-беларуску, але не знайшоў гэтага выдання у базе.