
Современная белорусская литература: что читать? | Сучасная беларуская лiтаратура: што чытаць?
Morrigan_sher
- 354 книги

Ваша оценка
Ваша оценка
У кнігу найлепшых, як падказвае анатацыя, дэтэктываў Адама Глобуса "Замак" увайшлі трылеры "Заўсёды светла каля турэмных муроў" і "Сапежынскі прывід", а таксама тры замалёўкі/апавяданні "Сістэма", "Сіні пад'езд", "Латвійскі дэтэктыў". Зрэшты ўласна дэтэктывамі, на маю думку, з'яўляюцца толькі некаторыя з гэтых твораў.
У аснове сюжэтаў "Сістэмы" і "Сіняга пад'езда" ляжаць зусім не дэтэктыўныя гісторыі, гэта хутчэй пераломныя моманты жыцця, калі героі раптам пачынаюць разумець марнасць чалавечага існавання, усведамляць, што займаюць не свае месца, жывуць не так, як хацелася б. У выніку прымаюцца фатальныя рашэнні: адзін парывае з сваім акружэннем, а другі забівае каханую, што, зразумела, уражвае больш. Праўда, я так і не змагла растлумачыць сабе, навошта трэба было пазбаўляць жыцця дзяўчыну. "Латвійскі дэтэктыў", тут не паспрачаешся, і сапраўды дэтэктыў. Але больш пародыя на класічны варыянт гэтага жанру, у якой усё скрозь прасякнута іроніяй.
"Заўсёды светла каля турэмных муроў" і "Сапежынскі прывід" аўтар "абазваў" трылерамі. У першым уразіла тое, з якой легкасцю чалавек згаджаецца на забойства, у другім - колькасць мерцвякоў, у абодвух - з якоў тарантынаўскай нязмушанасцю кожныя дзесяць старонак з'яўляюцца трупы. Можна зняць неблагое кіно. Беларускае. "Сапежынскі прывід" нагадаў "Дзікае паляванне караля Стаха" У.Караткевіча. Старажытнае паданне, прывід, які сее страх і смерць у глухой правінцыі, праўдашукальнік журналіст, вар'ят, які выкарыстоўвае паданне, каб дасягнуць сваіх вар'яцкіх мэтаў.
Творы "Замка" вяртаюць у беларускія 90-я, якія ў мяне заўсёды выклікалі цікаўнасць. Паўсюль таямнічасць, адрынутасць, страх перад невядомасцю, адчуванне марнасці ўсяго існуючага, але ніякага ныцця. І нягледзячы на звышвысокую канцэнтрацыю мерцвякоў і вар'ятаў на адну старонку, атмасфера беларускасці і рамантыка пераломнага моманту ў гісторыі народа не дазволіла кнізе ўпасці да трэш-дэтэктываў нізкага гатунку.



