
Пераклады
Wild_Iris
- 1 227 книг

Ваша оценка
Ваша оценка
"Гэта я, назіральнік старонні за сваім уласным жыццём", — сцвярджае Аксана Данільчык, прадстаўніца так званага страчанага пакалення. Пакалення, якое ў момант свайго станаўлення заспела змену сацыяльна-палітычнага ладу. "Светапогляд не ёсць нязменная адзінка. У гэтым можна не сумнявацца", — піша Аксана Данільчык. А большасць яе равеснікаў, хто таксама мог бы пісаць, у літаратуру не прыйшлі. Зрэшты, і сама паэтка здраджвала творчасці з навукай: яна абараніла дысертацыю пра італьянскую і беларускую ваенную прозу.
"Я — легіянер на службе замежнай дзяржавы", — прызнаецца ў вершах аўтарка — і адразу выбудоўваецца масток да яе перакладчыцкай дзейнасці, да яе Італіі. І ў кнізе знаходзіць прытулак своеасаблівая анталогія італьянскай літаратуры — ад XVІІІ ст. да ХХ ст., якая завяршаецца тэкстам Дж. Катэлі "У бок Чарнобыля". І міжволі заўважаеш, як пераплятаюцца ўласная творчасць паэткі і яе перастварэнні з італьянскай мовы: у вершах шмат наваколля, прыроды, але рэчаіснасць выглядае постапакаліптычнай. І гераіня то трапляе ў камп’ютарны свет без людзей або ў сюррэалістычны лес, то бачыць напаўразбураны свет, які можна толькі запомніць перад тым, як страціць...
Яна прамаўляе ад імя свайго пакалення, якое разрываецца паміж двума супрацьлеглымі станамі: адсутнасцю і прысутнасцю. Лірычная гераіня хоча быць незаўважнай, прызнаючы ўласную бездапаможнасць: "Пакінем слабым іх слабасць"; адмаўляючыся ад гульні ў жыццё: "Звар'яцець — гэта значыць абараніцца"; таму што жыць — балюча: "Мае вершы праходзяць праз час непараненымі. У адрозненне ад мяне", таму што на цябе папросту не звяртаюць увагі: "Ты і я — абаронцы няздзейсненай нацыі, якая лічыць, што не мае ў нас патрэбы". І паэт разумее, што ён проста чалавек, а не валадар думак, як гэта было ў ранейшыя часы:
"Быць мастаком —
Не значыць ратавацца,
быць мастаком —
не значыць ратаваць.
Але не быць гэтае пакаленне ўжо таксама не можа: яны былі першымі, хто разгубіўся ва ўмовах суверэннай Беларусі, і першымі, хто ацаніў бонусы постсавецкага часу. Прайшлі гады, колішняя разгубленасць нівеліравалася, а генерацыя цяперашніх 40-гадовых, гатовая дзяліцца светаадчуваннем і досведам, вяртаецца ў літаратуру і грамадскую супольнасць, каб не разрываць ланцужок, каб бачыць і ствараць перспектыву, каб жыць: "Жыццё маё, якія таямніцы хаваюцца яшчэ ў тваіх далонях?"

Чэзарэ Павэзэ
Песня
Аблокі звязаныя і з зямлёй, і з ветрам.
І пакуль будуць аблокі над Турынам —
будзе цудоўным жыццё. Узнімаю галаву —
і вялікая гульня адбываецца там, пад сонцам.
Там белыя цвёрдыя масы, і вецер там кружыцца,
вецер блакітны, — часам ён іх разбурае
і робіць з іх ветразі, насычаныя святлом.
З-над дахаў усё накрываюць
тысячы белых аблокаў — грукат, натоўп, камяні.
Шмат разоў, прачнуўшыся, я бачыў, як аблокі
ўзнікалі ў празрыстай вадзе балеі.
Дрэвы таксама яднаюць неба з зямлёю.
Бясконцыя гарады нагадваюць лес,
дзе неба ўзнікае вышэй, вышэй — у звужэнні вуліц.
Як дрэвы жывыя ўздоўж По ў воднай плыні,
так жывуць пад сонцам скупнасці дамоў.
Дрэвы таксама пакутуюць і паміраюць пад аблокамі,
чалавек сцякае крывёй і памірае, — але спявае
ад радасці
між зямлёю і небам, на вялікае здзіўленне
гораду і лесу. У мяне заўтра будзе час,
каб зачыніцца дома, сцяўшы зубы. А зараз жыццё —
гэта аблокі, расліны і вуліцы, што губляюцца ў небе.

Чэзарэ Павэзэ
Лета
Ёсць светлы сад за агароджай нізкай
з сухой травою і святлом, што спальвае памалу
яго зямлю. Святлом, якое згадвае пра мора.
Ты дыхаеш травою гэтай. Валасы кранаеш
і страсаеш успамін.
Я бачыў, як упалі
плады салодкія з глухім ударам
на знаёмую траву. Так ад пульсацыі крыві
ты ўздрыгваеш. Ты павярнула галаву,
нібы вакол ёсць нешта незвычайнае ў паветры
і незвычайная ёсць ты. І смак аднолькавы —
тваіх вачэй і цёплага ўспаміну.
Ты слухаеш.
Словы, якія ты слухаеш, ледзьве кранаюць цябе.
На тваім спакойным твары — яснасць пакоры,
што адбіваецца за спінаю ў святле мора.
На тваім спакойным твары — ціша, што сэрца сцяла
з глухім ударам і цісне з яго старую пакуту
сокам з пладоў, што некалі ўпалі.

***
раскладаючы словы на літары
структуру на яе кампаненты
да якой адсутнасці можна дайсці
блакітнай ружовай
а можа залатой
кветка гарбаты
раскрыецца ў кіпені
і калыхаючыся ў вадзе
праспявае песню
быццам птушка на цернях
функцыянаванне свету залежыць
выключна ад гэтай песні
гэтаксама як і ад крылляў матыля
бо ўсё астатняе
толькі словы







